Іван Колас нарадзіўся ў 1923 годзе ў простай сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу і педагагічны тэхнікум. Пасля школьнага настаўніка Коласа прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён удзельнічаў у абарончых баях летам 1941 года. У жніўні гэтага ж года Івана накіравалі на вучобу ў Вольскае ваеннае вучылішча. У маі 1942-га ён ужо быў начальнікам штаба стралковага батальёна 107-га стралковага палка 38-й арміі на Паўднёва-Заходнім фронце. Ледзь выжыўшы ў жорсткіх баях, Іван Колас прабраўся па акупіраванай тэрыторыі ў роднае сяло і стварыў Лельчыцкі партызанскі атрад. Ён правёў сотні баявых аперацый, граміў варожыя гарнізоны, пускаў пад адхон эшалоны з баявой тэхнікай і жывой сілай праціўніка. Здабываў інфармацыю аб перамяшчэнні і ўмацаваннях праціўніка для штаба 1-га Беларускага фронту.

У верасні 1944 года Коласа закінулі ў палаючую Варшаву для высвятлення сапраўднай сітуацыі ў горадзе, які паўстаў. Патрабавалася разведаць колькасны склад нямецкай групоўкі, суадносіны сіл. З 21 верасня і да апошняга дня паўстання, 2 кастрычніка 1944 года, наш зямляк плячо ў плячо з палякамі змагаўся з фашыстамі. Аб выніках гэтай аперацыі ён асабіста далажыў Маршалу Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскаму.

Вайну Іван Андрэевіч Колас скончыў у Берліне ў маі 1945 года. На будынку пераможанага Рэйхстага ён пакінуў свой аўтограф. Потым дзяліўся: “Блукаў па пакоях і кабінеце фюрара… Ці думаў я, знахо­дзячыся ў балотах Беларусі, задыхаючыся ў катакомбах Варшавы, у падвалах Берліна, што дайду з мячом адплаты да логава ворага, увайду ў гэты змрочны будынак зла і насілля?! Але вось я стаю пасярод пакоя… як Пераможца!”

З 1953 года Іван Колас служыў у Галоўным разведвальным упраўленні Генштаба Узброеных Сіл СССР. У 1987 годзе расстаўся з разведкай, заняўся літаратурнай творчасцю, мемуарамі. Яго апавяданні — жывы дакумент аб лёсах простых салдат, партызан. Свае творы аўтар адрасаваў шырокаму колу чытачоў, у тым ліку дзецям. А гэта 20 кніг, каля 40 аповесцей, нарысы, апавяданні, вершы. Сярод іх — дакументальна-прыгодніцкія кнігі “Вяртанне з пекла”, “Па заданні цэнтра”, “У логаве Гітлера”, “Дзеля жыцця на зямлі”, “Крах катаў”, “Мільён алых роз…”.

За пісьменніцкую працу Іван Колас удастоены прэстыжных літаратурных узнагарод — медалёў Фадзеева, Сіманава, Пікуля, дыплома “Лепшыя пёры Расіі”. А да 80-годдзя І.А.Коласа ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны. Больш за 60 гадоў пісьменнік жыў і працаваў у Маскве. 12 жніўня 2007 года Іван Андрэевіч Колас памёр, пахаваны ў Маскве на Траякураўскіх могілках. У яго была добрая сям’я: жонка, сыны Валянцін і Леанід, нявесткі, унукі.

Мемарыяльная дошка ў гонар ваеннага разведчыка, партызана, журналіста і пісьменніка Івана Андрэевіча Коласа была адкрыта ў Лельчыцкай раённай гімназіі падчас урачыстай лінейкі 1 верасня 2022 года. З таго часу ўстанова носіць яго імя.